Дзякую ўсім, хто даслаў свае водгукі з нагоды нядаўна апублікаванай 6-й версіі Белазара! Сёння я рады паведаміць пра з'яўленне абноўленага Белазара 6.1, дзе выпраўлены нешматлікія знойдзеныя памылкі, і ёсць некалькі напрацовак мінулага месяца.
У гэтай версіі абнавілася толькі праграма, не слоўнік. Таму, калі ты жадаеш захаваць зробленыя ў слоўніку змены - скапіюй усе файлы з тэчкі Data праграмы ў часовую тэчку, і пасля ўсталёўкі абнаўлення скапіюй іх назад. Звычайна праграма ўсталёўваецца тут: C:\Program Files\Belazar.
З поўным спісам змен можна пазнаёміцца на старонцы гісторыі распрацоўкі:
Зараз я планую прыпыніць на бліжэйшы тэрмін распрацоўку перакладніка Белазар. Аднак гэта не значыць, што праект зачыняецца. Чакай цікавых навін на сайце Белазара ў хуткім часе!
01.05.2009
Шаноўныя сябры! Я рады паведаміць пра з'яўленне новай версіі вядомага руска-беларуска-рускага перакладніка "Белазар". 6-я версія Белазара, магчыма, не вельмі адрозніваецца ад папярэдняй знешне, але заўважна дапрацавана функцыянальна.
У гэтай версіі галоўны націск быў скіраваны на некалькі асноўных напрамкаў: удасканаленне алгарытмаў перакладу, пашырэнне беларускай часткі слоўніка, пошук і выпраўленне памылак у формах слоў у слоўніку праграмы.
З выхаду папярэдняй версіі праграмы 5.1 яе слоўнік пашырэў на 27 тыс. новых беларускіх артыкулаў. Паступова ён робіцца сапраўды ўніверсальным, улучаючы базавую лексіку абедзвюх моў. Зараз кожны слоўнікавы артыкул можа мець тлумачэнне, як у тлумачальным слоўніку, і тэматыку. Абіраючы перад запускам перакладу тэматыкі тэксту са 100 наяўных тэматык, можна палепшыць якасць атрыманага перакладу. Гэтай жа мэце паслужаць скароты са знакамі прыпынку, якія таксама з'явіліся ў 6-й версіі.
Нягледзячы на ўскладненне алгарытмаў перакладу, яго хуткасць на вялікіх тэкстах узрасла ў 2 разы. Дапрацаваны таксама інтэрфейс праграмы - акенцы невядомых слоў і паведамленняў праграмы сталі ўкладзенымі ў асноўнае акно. А некаторыя новыя магчымасці акна прагляду слоўніка пацешаць лінгвістаў, у прыватнасці - удасканалены пошук слоў па ўзору.
Пра іншыя новаўвядзенні Белазара 6 можна пачытаць на старонцы гісторыі сайта і ў даведцы да праграмы.
Абнавіўся сервер перакладаў Белазара - да версіі 2.5. Новая версія сервера чытае слоўнікі Белазара 6.0, выкарыстоўвае падчас перакладу рухавічок гэтай версіі, таксама крыху дапрацавана функцыянальнасць самога сервера.
Цікава, што сервер перакладаў зараз можна запусціць у OC Linux, выкарыстаўшы Wine 1.1.6 або навейшы. Вось кароткая інструкцыя па запуску, дасланая карыстачом праграмы з нікам PAL (вялікае яму дзякуй!) :
Усталяваць Wine версіі 1.1.6 або навейшы.
Запусціць усталёўнік і ўсталяваць спачатку слоўнікі, затым BTS.
Запусціць BTSconfig.exe, у ім націснуць кнопку "Усталяваць". Калі будзе лаяцца на праблемы усталёўкі - не звяртаць увагі.
Выйсці з праграмы канфігурацыі і запусціць ізноў. Цяпер праграма канфігурацыі бачыць, што ўсё ўсталявана, і дае магчымасць змяніць канфігурацыю сэрвісу. Наладзіць сэрвіс па густу. Уключыць аўтаматычны запуск сэрвісу (гэта важна!). Паспрабаваць запусціць (каб запомніліся налады). Пераканацца, што запуск не атрымоўваецца :)
Выйсці з канфігуратара. Запусціць яшчэ раз. Зараз сэрвіс запусціцца
аўтаматычна і будзе працаваць. :)
Нажаль, у аўтара гэтай інструкцыі не атрымалася кіраваць запускам сэрвісу з праграмы-канфігуратара. Хоць, зрэшты гэта і не вельмі патрэбна - досыць проста перазапускаць Wine.
03.09.2007
Стала вядома, што перакладнік Белазар можна запусціць і на Linux, з дапамогай Wine - вольнай рэалізацыі Windows API пад Linux. Для гэтага патрабуецца Wine не старэй за 0.9.41. Калі цябе цікавяць падрабязнасці - пішы мне на паштовую скрыню, і я перанакірую ліст людзям, якія гэта зрабілі.
Маё імя - Алег Азароўскі. Праграмаванне - гэта мая прафесія і маё хобі. Мне цікава вывучаць новыя тэхналогіі і новыя сферы скарыстання сваіх прафесійных ведаў. У свой час я паспрабаваў праграмаваць кампутарныя гульні, базы дадзеных, музычныя праграмы, тэкставыя працэсары, складскія і ўліковыя праграмы, сістэмныя Windows-утыліты, разнастайныя дапаможныя прылады для калегаў-праграмістаў, спрабаваў займацца вэб-дызайнам, і нават распрацаваў просты маўленчы сінтэзатар для беларускай гаворкі з выкарыстаннем гукавых патэрнаў.
Лінгвістычнае праграмаванне - гэта таксама адно з маіх захапленняў. Я называю свае распрацоўкі ў гэтай галіне Беларускімі Лінгвістычнымі Тэхналогіямі, БЛТ (Belarusian Linguistic Technologies, BLT).
На гэтым сайце ты знойдзеш беларуска-руска-беларускі перакладнік Белазар, а таксама іншыя праграмы ды дапаможныя прылады, якія дапамогуць табе хутка выконваць беларускамоўныя пераклады.
Мая мэта - дапамагчы табе ствараць якасныя беларускія пераклады кампутарных праграм, карпаратыўных сайтаў, асабістых старонак, форумаў, блогаў, іншых Інтэрнэт-сайтаў і проста тэкстаў, і тым самым пашыраць прысутнасць беларускай мовы на кампутарах і межы беларускага сегменту ў сусветным кампутарным Сеціве.
Ты таксама зможаш дапамагчы гэтай справе, дасылаючы дададзеныя табою ў слоўнік Белазара пераклады, і выпраўляючы выяўленыя ў слоўніку памылкі.
Калі ў цябе з'явіліся пытанні, пажаданні ці каментары наконт Белазара або іншых праграм, ці ты сутыкнуўся з памылкамі падчас працы з імі - накіроўвай іх на маю паштовую скрыню.
Калі ж ты лічыш, што гэтае пытанне ці пажаданне будзе цікавым і для іншых людзей, - калі ласка, пакінь свой допіс у гасцёўні сайта. У такім выпадку адказ на яго змогуць прачытаць дзесяткі наведвальнікаў гэтай старонкі!